ЯРАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у праваслаўі Гаўрыіл, у каталіцтве Пётр; паміж 1043 і 1050—22.11.1086 або 22.11.1087),

князь полацкі, уладзіміра-валынскі, тураўскі.

Сын Ізяслава Яраславіча. У 1071 перамог войска полацкага кн. Усяслава Брачыславіча пад Галацічаскам, пасля чаго, відаць, авалодаў Полацкім княствам. У 1073 у выніку міжусобіцы выгнаны з Русі разам з бацькам. Шукаў падтрымкі ў Польшчы, Германіі, у рымскага папы; прыняў каталіцтва. Пасля вяртання бацькі ў 1077 атрымаў ад яго Вышгарад. У 1078 вял. кіеўскі кн. Усевалад Яраславіч перадаў Я.І. Уладзіміра-Валынскае княства, да якога, паводле некат. звестак, дадаў Тураўскае. Прылічаны да правасл. святых, дзень памяці — 22 ліст. (5 снеж.). Захаваліся 2 партрэты Я.І. 11 ст. ў «Кодэксе Гертруды» («Трырскім псалтыры»).

В.​С.​Пазднякоў.

Яраполк Ізяславіч з жонкай. Мініяцюра з «Кодэкса Гертруды».

т. 18, кн. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)